Страх беларускага рэжыму перад любымі праявамі самасвядомасці беларусаў, перад з'яўленням хоць нейкіх парасткаў дэмакратыі сапраўды паранаідальны. Яго паслугачі гатовы дзьмуць на ваду пры найменшых падазрэннях у «іншадумстве». Што, напрыклад, калі ў школе раптам дзецям выкладаюць украінцы, якія перабраліся ў Беларусь ужо пасля Еўрамайдана? Бо, напэўна, гэта, «фашыствуючыя малойчыкі», якія спяць і бачаць, каб навучыць дзяцей асновам экстрэмізму, масавых беспарадкаў і арганізацыі дыверсій супраць Лукашэнкі.
Гучыць смешна, але не для лукашэнкаўскіх чыноўнікаў. Так, у адпаведнасці з прадпісаннем, установы адукацыі павінны прадаставіць у галоўнае ўпраўленне адукацыі Гомельскага аблвыканкама ў чэрвені бягучага года звесткі аб усіх работніках, якія атрымалі беларускі пашпарт або від на жыхарства ў Беларусі, пачынаючы з 2014 года.
Навошта Гомельскаму аблвыканкаму спатрэбілася інфармацыя аб украінцах, якія прыехалі ў Беларусь пасля Еўрамайдана, не паведамляецца. Таксама цікава, што чыноўнікі для збору інфармацыі не звярнуліся да паслуг МУС — відаць, вырашылі праверыць, ці працуюць савецкія метады з інфарматарамі-«стукачамі».
Ёсць у Міністэрства адукацыі цікавасць і да вучняў з Украіны. Так, установам адукацыі загадана апавяшчаць аб выхаванцах, якія паступілі пасля даты расійскага ўварвання ва Украіну. А раптам яны таксама прывезлі ў "дзяржаву для народа" свае веды аб звяржэння рэжымаў, атрыманыя ў сакрэтных еўрапейскіх трэніровачных лагерах?
Comments