
26 сакавіка з нагоды Дня Волі ПАЛІТклуб Украінскага каталіцкага ўніверсітэта сумесна з дабрачынным фондам «Вольная Беларусь» правялі сустрэчу на тэму «Беларусь сёння: выклікі, перспектывы і міжнароднае становішча ў ваенны час».
Мерапрыемства адбылося ў аўдыторыі ПАЛІТклубу у Львове і складалася з дзвюх панэльных дыскусій.
Сьпікерамі першай панэлі (“Шлях” — гістарычны кантэкст) выступілі Сяргей Навумчык, беларускі журналіст і палітык, актыўны удзельнік БНФ, і вядомы беларускі гісторык Сяргей Радаман.
Быў праведзены цікавы гістарычны экскурс з дэманстрацыяй яго наступстваў у сучаснай беларускай дзяржаве. Наведнікі імпрэзы даведаліся шмат новага пра Беларусь — пра станаўленьне беларускай дзяржаўнасьці і яе сучасны стан, пра гісторыю і разьвіцьцё антылукашэнкаўскіх выступаў. Мы даведаліся, чаму беларусы, у адрозненне ад украінцаў, часцей за ўсё не ведаюць роднай мовы і не размаўляюць на ёй. З удзелам гледачоў былі праведзены паралелі паміж эпізодамі сучаснай гісторыі Украіны і Беларусі.
У другой панэлі («Выклік» — сучаснасць і будучыня ўкраінска-беларускіх стасункаў) удзельнічалі ўкраінскія палітолагі Яўген Магда, Паўло Рудзь і беларускі добраахвотнік, які пажадаў называцца Дзмітрыем.
Дыскусія пра цяперашнія і будучыя адносіны паміж нашымі народамі, сучасны стан беларускіх дэмакратычных сілаў была наканавана быць актыўнай і цікавай. Атрымалі «на арэхы» як дэмакратычные сілы — за адсутнасьць ініцыятывы і рэальнай працы ў інтарэсах беларусаў, так і ўкраінскім ўладам — за адсутнасьць комплекснай і зразумелай стратэгіі ў дачыненьні да Беларусі і страту каштоўнага часу.
Перчынку дадалі да дыскусіі словы адной з гасцей з залы пра тое, што, перажыўшы акупацыю ў Ірпені, яна не разумее, навошта Украіне пасля нападу з боку Беларусі ўвогуле рухацца насустрач і шукаць дыялогу. Што яна ніколі не зможа дараваць беларусам тое, што адбылося. Але, здаецца, удзельнікам удалося крыху растапіць у сэрцы дзяўчыны лёд, які ўзнік на месцы болю і страху. З успамінамі пра добраахвотнікаў, якія загінулі пры вызваленні Кіеўскай вобласці, і пра сапраўдныя памкненні дэмакратычна настроеных беларусаў, гатовых усяляк дапамагаць Украіне.
Менавіта такія дыскусіі, адказы на вострыя і не заўсёды прыемныя пытанні і робяць такія сустрэчы каштоўнымі. Бо атрымліваецца, што нашы народы, хоць так доўга жылі побач, мала што ведаюць адзін пра аднаго, пра агульную гісторыю і палітычныя аналогіі. Яны дапамагаюць як украінцам лепш адрозьніваць беларусаў ад прыхільнікаў Лукашэнкі, так і беларусам больш думаць пра тое, каб рухацца ў будучыню, дзе Ўкраіна будзе дружалюбным суседам.
Comments