25 красавіка ў будынку Кіеўскай гарадской дзяржаўнай адміністрацыі адбылося адкрыццё фотавыставы «З Украінай у сэрцы».
Імпрэза прысьвечаная беларусам, якія загінулі ва Ўкраіне ў змаганьні з расейскімі акупантамі. На выставе размешчаны стэнды з фотаздымкамі загінуўшых і іх апісаннямі.
У адкрыцці выставы прынялі ўдзел народныя дэпутаты Украіны, прадстаўнікі ветэранскага таварыства, кіраўніцтва фонду «Вольная Беларусь», байцы батальёнаў «Волат» і «Тэрор», удзельнікі Інтэрнацыянальнага легіёну Украіны, больш за паўсотні прадстаўнікоў грамадскасці і палітычных колаў Украіны і Беларусі.
З пачатку поўнамаштабнай расейскай агрэсіі загінулі больш за тры дзясяткі беларусаў, якія ваявалі ў шэрагах розных падраздзяленняў Узброеных сіл Украіны. Многія імёны загінулых пакуль не называюцца, бо гэта можа нашкодзіць сваякам байцоў, якія зараз знаходзяцца ў Беларусі.
За ахвярны подзвіг і абарону ўкраінскай зямлі двум беларусам пасмяротна прысвоена званне Герояў Украіны, імёнамі трох Герояў ужо названы вуліцы.
Дакладная колькасць беларускіх грамадзян, якія са зброяй у руках абараняюць суверэнітэт Украіны, невядомая. Паводле неафіцыйнай інфармацыі, цяпер гэтая лічба набліжаецца да тысячы, што робіць беларусаў самым буйным аб'яднаннем замежных добраахвотнікаў, якія ваююць ва Украіне.
Выступы ўдзельнікаў мерапрыемства зводзіліся да асноўнай думкі, што беларускія героі загінулі ва Украіне за ідэю свабоды. За ідэю вольнай Беларусі, якая сёньня заваёўваецца на полі бітвы ва Ўкраіне.
Арганізатары выставы — дабрачынны фонд «Вольная Беларусь» і музэй «Вольная Беларусь з Украінай у сэрцы».
Comments