top of page

Рада БНР узнагародзіла медалямі 14 беларусаў, якія ваююць за Украіну



Рада Беларускай Народнай Рэспублікі да Дня беларускай ваеннай славы павіншаваў усіх беларускіх вайскоўцаў, байцоў, франтавікоў і валанцёраў.


Медалём "За баявыя заслугі", за асабістую мужнасць, праяўленую ў баях супраць расійскіх захопнікаў ва Украіне, былі ўзнагароджаны 14 беларусаў. Усяго на гэты момант медалямі ўзнагароджаны ўжо 36 байцоў. З іх адзначаны тры афіцэры. Сярод узнагароджаных - двое байцоў жанчын.


«Гэтыя адважныя сыны і дочкі Беларусі абараняюць беларускі нацыянальны гонар на фоне ўцягвання былым прэзідэнтам А. Лукашэнкі нашай Радзімы ў злачынную захопніцкую вайну супраць Украіны, развязаную Расеяй на чале з карумпаваным рэжымам У. Пуціна.


Узнагароджаны беларускія байцы - героі, імёны якіх будуць апублікаваны ў будучыні. Яны куюць нашу агульную перамогу і закладваюць падмурак будучага войска свабоднай Беларусі», - так пракаментавалі падзеі ўзнагароджання ў Радзе БНР.


Рада адзначае, што мірныя сродкі барацьбы за вызваленне Беларусі ад крывавай дыктатуры, якая амаль трыццаць гадоў пануе ў Беларусі пры падтрымцы Расіі, часткова вычарпаныя.


Магчымасці для пераменаў – агульнанацыянальны адкрыты дыялог наконт будучага развіцця Беларусі, свабодныя і дэмакратычныя выбары – беларусы цяпер вымушаныя шукаць на полі бою. Таму, перакананыя ў Радзе, толькі перамога Ўкраіны ў вайне зможа прыслабіць цяперашнюю шавіністычную расею, што дасць шанец для вызвалення Беларусі:


«Як і ў часы пераможнай Аршанскай бітвы, гадавіну якой адзначылі напярэдадні, Беларусь зноў перажывае адзін з тых момантаў сваёй гісторыі, калі найбольшы ўклад у будучыню нашай Радзімы ўносяць тыя мужчыны і жанчыны, якія са зброяй у руках супрацьстаяць рускім захопнікам, адвечным ворагам беларускага народа».

Comments


bottom of page