top of page

«Эскалацыя» на беларуска-ўкраінскай мяжы турбуе расейцаў ?

Пытанне канцэнтрацыі ўкраінскіх войскаў на мяжы з Беларуссю «выклікае занепакоенасць не толькі Мінска, але і Масквы», заявіў 1 ліпеня прэс-сакратар прэзідэнта РФ Дзмітрый Пяскоў. «Беларусь саюзная дзяржава, у нас асаблівыя фарматы дыялогу паміж усімі зацікаўленымі ведамствамі, у тым ліку спецслужбамі», — цытуе яго ТАСС, — І нашы міністэрствы абароны знаходзяцца ў пастаянным партнёрскім кантакце». На пытанне аб магчымым абмеркаванні гэтай тэмы паміж Пуціным і Лукашэнкам Пяскоў адказаў, што «яны змогуць гэта зрабіць, калі палічаць патрэбным».


Нагадаем, аб абвастрэнні сітуацыі на беларуска-ўкраінскай мяжы заявіў лукашэнкаўскі Дзяржпамежкамітэт, заявіўшы, што Украіна канцэнтруе на мяжы цяжкае ўзбраенне. 21 чэрвеня ў Беларусі пачалася праверка войскаў, пачасціліся выезды падраздзяленняў у Брэсцкай і Гомельскай абласцях. Украінскія ўлады пацьвердзілі, што ўзмацняюць абарону на мяжы зь Беларусьсю, але адкінулі абвінавачваньні ў правакацыях, пераклаўшы адказнасьць на Беларусь.


28 чэрвеня Дзяржаўны памежны камітэт заявіў аб актывізацыі ўкраінскай выведкі, знаходжанні падраздзяленняў «РДК» у зоне адказнасці Жытомірскага памежнага атрада (мяжуе з Гомельскай вобласцю), а таксама аб выяўленні тайнікаў выбухоўкі на мяжы. Мінабароны таксама заявіла аб разгортванні зенітнага ракетнага комплексу «Паланэз» у сувязі са «складанай абстаноўкай паблізу дзяржаўнай мяжы».


29 чэрвеня, характарызуючы сітуацыю на мяжы з Украінай, начальнік зенітных ракетных войскаў ВПС і войскаў СПА Беларусі Севярынчык заявіў, што «сітуацыя ў паветранай прасторы напружаная». Намеснік камандуючага ССО Вадзім Лукашэвіч абвінаваціў Украіну ў падрыхтоўцы тэрактаў у Беларусі.


30 чэрвеня тэлеканал АНТ паказаў інтэрв'ю з начальнікам Генеральнага штаба — першым намеснікам міністра абароны Паўлам Муравейкам, які заявіў, што сітуацыя на паўднёвай мяжы краіны «складаная», прымаюцца меры «па кантролі за сітуацыя, каля мяжы з украінай вядзецца неабгрунтаваная і пакуль незразумелая «дзейнасць».


«Мы бачым перамяшчэнне войскаў, сутыкаемся з правакацыямі беспілотнай авіяцыі, якая парушае нашу дзяржаўную мяжу на сто, дзвесце, трыста, пяцьсот метраў, часам да кіламетра», — сказаў Муравейка. У гэтай сітуацыі, паводле яго слоў, Беларусь «вымушана вылучаць падраздзяленні да мяжы, узаемадзейнічаць з памежнікамі, рыхтавацца да прыкрыцця, часам выстаўляць артылерыю, каб мець магчымасць своечасова адрэагаваць». «У нас ёсць пэўная асцярога, сур'ёзная асцярога, насцярожанасць», — адзначыў Муравейка.


Уварваўшыся на тэрыторыю суверэннай Украіны, і Лукашэнка, і Пуцін цяпер «заклапочаныя» тым, што Украіна трымае войскі на сваёй мяжы. Цікава, што здарылася? Хто цяпер пакажа, адкуль рыхтуецца наступ?

Comments


bottom of page