19 снежня 2010 года адбылася самая масавая на той момант акцыя пратэсту ў Беларусі — Плошча-2010.
У той дзень, паводле розных ацэнак, да 40 тысяч беларусаў выйшлі на вуліцы Мінска і іншых буйных гарадоў Беларусі, каб выказаць сваю нязгоду з маштабнай фальсіфікацыяй прэзідэнцкіх выбараў.
Тады ЦВК аддаў Лукашэнку 79,65% галасоў, апазіцыйны кандыдат Андрэй Саннікаў набраў 2,43%. Яшчэ да абвяшчэння вынікаў вечарам быў здзейснены напад на кандыдата ў прэзідэнты, паэта Уладзіміра Някляева. Яго даставілі ў бальніцу з разбітай галавой.
Таксама былі затрыманыя іншыя кандыдаты ў прэзідэнты, шараговыя прыхільнікі апазіцыі і журналісты, якія асвятлялі мерапрыемства.
Усяго было затрымана больш за 700 чалавек, многія з якіх былі збітыя прадстаўнікамі міліцыі падчас жорсткага разгону.
Гэта стала не толькі правобразам яшчэ больш масавых акцый 2020 года, але і трэніроўкай рэжыму ў маштабнай фальсіфікацыі выбараў і разгоне акцый сілавікамі Лукашэнкі. Махавік рэпрэсій толькі набіраў абароты.
Comments