top of page

Кіеў выклікае на кансультацыі амбасадара ў Менску


Міністэрства замежных спраў Украіны вырашыла выклікаць для кансультацый амбасадара Украіны ў Рэспубліцы Беларусь Ігара Кізіма. Пра гэта гаворыцца ў паведамленні на сайце міністэрства.



МЗС асуджае сустрэчу Аляксандра Лукашэнкі ў Мінску з Дзянісам Пушыліным 18 красавіка як спробу легітымізацыі гэтага прадстаўніка расейскай акупацыйнай адміністрацыі ў Данецку.



«Сустрэча з прадстаўніком расейскай акупацыйнай адміністрацыі, які хаваецца ад украінскага следства за здзяйсненне цяжкіх злачынстваў і знаходзіцца пад украінскімі і міжнароднымі санкцыямі, з'яўляецца чарговым і абуральным недружалюбным актам з боку Рэспублікі Беларусь, накіраваным на падтрымку дзяржава-агрэсар Расейскай Федэрацыі», — гаворыцца ў заяве.


Выклік амбасадара ў сталіцу для кансультацый з'яўляецца адной з форм дыпламатычнага адказу, якая выкарыстоўваецца для дэманстрацыі незадаволенасці палітыкай або недружалюбнымі дзеяннямі замежнай дзяржавы, у якой акрэдытаваны амбасадар. Упершыню ў гісторыі стасункаў дзвюх краін амбасадар Украіны ў Беларусі быў адкліканы для кансультацый 17 жніўня 2020 года пасля таго, як Мінск перадаў Расеі затрыманых баевікоў ЧВК «Вагнера», нягледзячы на ​​«ўсе прававыя і маральныя нормы і прычыны перадаць іх Украіне».


Comments


bottom of page