top of page

Рэпарацыі з Беларусі — Паўло Латушка абазначыў пазіцыю


Ці павінна Беларусь выплачваць Украіне кампенсацыю? Эксклюзіўны каментар Паўла Латушкі для ЦБК:


Тэма рэпарацый не губляе сваёй актуальнасці і выклікае бурныя абмеркаванні. Разам з тым, я лічу яе сапраўды важнай і таму паспрабую максімальна ёміста сфармуляваць ключавыя моманты і пытанні, без вырашэння якіх дыскусіі аб кампенсацыях, на мой погляд, так і не пяройдуць з эмацыйнай у практычную плоскасць.


1. Пакуль ва ўладзе Лукашэнкі — нават саму размову аб рэпарацыях, кантрыбуцыях або іншых формах кампенсацыі весці бессэнсоўна. Лукашэнка цалкам дакладна не будзе нічога кампенсаваць Украіне і гэта трэба дакладна разумець, каб не мець ілюзій.


2. Адпаведна мы зыходзім з таго, што Лукашэнка на гэты момант ва ўладзе не будзе. Хто будзе пасля яго? Зноў жа, калі сам рэжым захаваецца ў асобе, напрыклад, Наталлі Качанавай або на змену Лукашэнку прыйдзе іншы пра-расійскі пераемнік або расійскі стаўленік — размова аб рэпарацыях (ці іншых формах кампенсацыі) проста не мае сэнсу.


3. Казаць пра гэта можна толькі з цывілізаваным дэмакратычным урадам, які паважае, у адрозненне ад Расіі і рэжыму Лукашэнкі, міжнароднае права. Думаю, што я выкажу тут агульную пазіцыю Аб'яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі — мы на 100% міжнароднаму праву прыхільныя.


4. Аднак, каб права Украіны на кампенсацыі наступіла — неабходна рашэнне трыбунала, які і ўсталюе адказнасць Беларусі за агрэсію. Пакуль жа мы не бачым, каб пытанне трыбунала ў дачыненні да Рэспублікі Беларусь, у якой улада незаконна ўзурпіравана рэжымам Лукашэнкі, абмяркоўвалася таксама шырока і адкрыта, як пытанне кампенсацый. Адначасова у Вярхоўнай Радзе на разглядзе ляжаць законапраекты як аб прызнанні Беларусі акупаванай, так і аб прызнанні Беларусі агрэсарам. Ні адзін, ні другі законапраекты не разгледжаныя.


5. Пасля правядзення трыбунала і змены ўлады ў Беларусі на дэмакратычны ўрад, ён, прытрымліваючыся нормаў міжнароднага права, павінен будзе выканаць адпаведныя пастановы трыбунала. Адпаведна, важна пачынаць абмеркаванне пытання не ад канца, а ад пачатку. У адваротным выпадку, не сказаўшы і не вырашыўшы базавыя пытанні А, Б і В (афіцыйная пазіцыя Украіны, трыбунал і змена ўлады ў Беларусі), можна доўга спекуляваць на Г і Д (адказнасць Беларусі і кампенсацыі), але гэта застанецца толькі абмеркаваннямі.

Recent Posts

See All

Comments


bottom of page