Пасьля ракетнага абстрэлу найбуйнейшай дзіцячай клінікі «Ахматдзіт» беларускія прапагандысты ўсьлед за расейскімі пабеглі абяляць акупацыйнае войска, у чарговы раз заяўляючы, што яно б’е толькі ў вайсковых мэтах і, вядома, ня можа цэліцца ў дзіцячы шпіталь .
Мы не бярэм пад увагу, ці быў гэта наўмысны напад на клініку, ці падвяла імпартная замяняльная электроніка, пераблытаўшы «Охматдит» з базай «Азоў» — па-ранейшаму ўсю адказнасць за гэты тэракт нясе Расійская Федэрацыя. Проста нагадаем, што зусім нядаўна, 26 красавіка, кіраўнік КДБ Лукашэнкі асабіста і публічна пагражаў атакаваць шпіталі ў Кіеве, бо там нібыта хаваюцца нейкія тэрарысты.
Прамая цытата з выступлення Івана Тэрцеля на «Усебеларускім народным сходзе»-2023:
«Усе гэтыя асобы і іх планы нам вядомыя. У барацьбе з тэрарызмам мы дзейнічаем па законах ваеннага часу. Сярод тэрарыстаў ёсць забітыя і параненыя, яны будуць пакараныя, нездарма яны выбралі сабе логава кіеўскія шпіталі па адрасе Багатырская 30-32, дзе хаваліся за спінамі хворых дзяцей.
Пасля гэтых слоў гарадскія ўлады Кіева былі вымушаныя звярнуцца да СБУ і арганізаваць эвакуацыю маленькіх пацыентаў, іх маці і лекараў з двух будынкаў. Бо хто ведае, што насамрэч адбываецца ў галовах нелюдзяў, якія могуць выказваць такія пагрозы.
Пра ход эвакуацыі тады асабіста дакладваў мэр Віталь Клічко, запісваючы відэа каля бальніцы: «Медыкі дзейнічаюць зладжана, «хуткія» развозяць пацыентаў па іншых бальніцах горада. Мы робім усё, каб абараніць. дзяцей, іх бацькоў, дарослых пацыентаў і персанал ад магчымага нападу».
Дык як усё гэта можна зьвязаць з адмаўленьнем таго, што акупанты нібыта «не нясуць ніякай пагрозы мірным жыхарам»?
Comentários