Іран і Беларусь паглыбляюць двухбаковае супрацоўніцтва. Гэта адбываецца на фоне ўзаемнай падтрымкі вайны Расеі супраць Украіны, адзначае Інстытут вывучэння вайны (ISW).
У прыватнасці, гаворка ідзе аб дэталях візіту ў Ісламскую Рэспубліку кіраўніка Мінабароны Беларусі Віктара Хрэніна. Як стала вядома, місіяй Хрэніна было падпісанне мемарандума аб ваенным супрацоўніцтве дзвюх краін на 2023 год. Эксперты не выключаюць, што вынікам гэтага стане запуск на тэрыторыі Беларусі вытворчасці іранскіх беспілотнікаў Shahed. Менавіта з дапамогай «шахедаў» расейскія ўзброеныя сілы вядуць штодзённыя варварскія абстрэлы Украіны.
Дырэктар Украінскага інстытута сусветнай палітыкі Яўген Магда лічыць, што вытворчасць беспілотнікаў-камікадзэ ў Беларусі можа выклікаць сур'ёзныя наступствы для краіны, піша «Салідарнасць».
«Ваенна-тэхнічнае супрацоўніцтва Беларусі і Ірану мае шэраг сваіх асаблівасьцяў, бо Беларусь пазыцыянуе сябе як суагрэсара, а Іран фармальна па-ранейшаму імкнецца быць сябрам міжнароднай супольнасьці, якая не цалкам падтрымлівае Расею ", — адзначае Магда.
На яго думку, зборачная вытворчасць "Шахеда" на тэрыторыі Беларусі — яшчэ адзін крок на шляху да таго, каб зрабіць Рэспубліку Беларусь нейкім ізгоем. Па сутнасці, гэта наступны крок пасля дыскусіі пра размяшчэнне тактычнай ядзернай зброі і пераезд вагнераўцаў у Беларусь.
«Калі вы пачынаеце збіраць падобную тэхніку на тэрыторыі Беларусі, гэта азначае, у тым ліку, паставіць сябе пад магчымасць нападу з боку Украіны. Яна будзе мець на гэта поўнае і неадкладнае права, — кажа Яўген Магда. — Ну, а самім беларусам, якія жывуць у Рэспубліцы Беларусь, будзе цяжка сказаць, што яны ня маюць дачыненьня да вайны ва Ўкраіне — бо збор такой зброі багаты наступствамі».
На думку эксперта, верагоднасць вытворчасці «Шахеда» ў Беларусі яшчэ раз падкрэслівае страту афіцыйным Мінскам уласнай геа- і знешнепалітычнай суб'ектнасці.
Comments