Як мы паведамлялі, Кіеў адклікае для кансультацый амбасадара ў Мінску пасля сустрэчы Лукашэнкі з Пушыліным. Выклік амбасадара ў сталіцу для кансультацый — адна з форм дыпламатычнага адказу, якая выкарыстоўваецца для дэманстрацыі незадаволенасці палітыкай або недружалюбнымі дзеяннямі дзяржавы, пры якой акрэдытаваны амбасадар. Упершыню ў гісторыі стасункаў дзвюх краін амбасадар Украіны ў Беларусі быў адкліканы для кансультацый 17 жніўня 2020 года пасля таго, як Мінск перадаў Расеі затрыманых баевікоў ПВК «Вагнера» нягледзячы на «ўсе прававыя і маральныя нормы і падставы для іх перадачы Украіне».
У гэтым канкрэтным выпадку ўкраінская дзяржава больш не можа мірыцца з перасячэннем Аляксандрам Лукашэнкам відавочных «чырвоных ліній», такіх як легітымізацыя прадстаўнікоў акупаваных тэрыторый, непасрэдна датычных да тэрарыстычных актаў і ваенных злачынстваў. Гэта яшчэ больш ускладняе сытуацыю для Беларусі — усё ж гэта складнік расейскага пляну ўцягнуць дзяржаву ў ваенны канфлікт, у якім яна стане палігонам і мішэньню.
З разьвіцьця сытуацыі бачна, што хоць Аляксандар Лукашэнка і працягвае «цягаць час», але варыянтаў дзеяньняў у яго становіцца ўсё менш. Крэмль паводзіць сябе з ім, як бывалы злачынец з навічком — «замазвае яго крывёю», каб не было і думкі сысці з банды.
Праблема ў тым, што гаворка ідзе ўжо не пра асабістую кар'еру Аляксандра Грыгоравіча ў міжнароднай злачыннасці, а пра будучыню шматмільённай еўрапейскай нацыі.
Comments