Неўзабаве ў Польшчы на мяжы з Беларуссю з'явіцца новая вайсковая частка
Пра гэта заявіў міністр нацыянальнай абароны Польшчы Марыюш Блашчак. Заява прагучала на фоне заяваў Аляксандра Лукашэнкі і намёкі саміх вагнэраўцаў на планы ЧВК «Вагнера» адносна падрыхтоўкі наступу на Варшаву.
Польшча плануе стварыць новую вайсковую частку да канца 2023 года. Паведамляецца, што гэта будзе частка сапёрнага батальёна ў складзе 15-й Гіжыкскай механізаванай брыгады 16-й Паморскай механізаванай дывізіі.
Месца дыслакацыі — горад Аўгустоў, які знаходзіцца недалёка ад мяжы з Беларуссю. Адзначаецца, што галоўнай задачай новастворанай часткі стане ўмацаванне ўсходняй мяжы і так званага Сувалкскага калідора.
Сувальскі калідор — гэта ўмоўная тэрыторыя вакол Сувалкаў, Аўгустова і Сейна, якая злучае краіны Балтыі з Польшчай і іншымі краінамі NATO. Гэты ўчастак таксама аддзяляе тэрыторыю Калінінградскай вобласці Расіі ад Беларусі. На думку многіх экспертаў, гэта адна з самых патэнцыйна гарачых кропак у Еўропе. NATO лічыць яго найбольш уразлівым участкам знешніх межаў альянсу і верагодным аб'ектам магчымай ваеннай агрэсіі з боку Расеі, паколькі захоп Сувалкскага калідора фактычна адразаў бы краіны Балтыі ад іншых членаў NATO, і, адпаведна, магчымасці іх аховы і забеспячэння па сушы.
Comentarios