top of page

Украіна памятае беларускага Героя


Летась у Бучы на Кіеўшчыне адкрылі Алею змагароў за незалежнасць Украіны. Сярод мірных жыхароў і абаронцаў украінцаў, якія аддалі свае жыцці за мір, на ёй можна пабачыць фота беларускага Героя.


Гэта Ілля Хрэнаў – пазыўны "Літвін". Два гады таму, на пачатку сакавіка, ён загінуў у баях за Бучу. У памяць аб яго ахвяры на праспекце размешчана кароткая біяграфічная даведка з яго фотаздымкам.


«Літвіну» назаўжды 27 гадоў, ён родам з Мінска. З 2014 года, з пачатку расійскага ваеннага ўварвання ва Украіну, Ілля змагаўся на Данбасе. Стаў ветэранам АТА, пазней – інструктарам.


У падкантрольную рэжыму Беларусь ён не вярнуўся, а застаўся жыць у Броварах Кіеўскай вобласці. Ілля ажаніўся і працаваў у ІТ. Але 24 лютага 2022 года, калі рф пачала поўнамаштабнае ўварванне на ўсю тэрыторыю Украіны, ён цвёрда вырашыў ісці на вайну, пра што паведаміў свайму калегу і кіраўніцтву на працы.


«Гэта мой брацкі народ, я не мог сядзець на месцы, калі ўкраінцаў пачалі забіваць», – казаў «Літвін».


Ужо тады ён разумеў, што свабода Беларусі і расіі будзе вырашацца ва Украіне.


«Ілля быў і застаецца героем для сваіх таварышаў па Каліноўскаму палку», – напісалі каліноўцы ў гадавіну яго смерці.


Ён застаецца героем і для Украіны, якая назаўсёды запомніць яго мужнасць і адвагу.


Слава Украіне!


Жыве Беларусь!

Comments


bottom of page